«Язда» (Jízda), маст. фільм
Два маладзёны свабоднай маралі, Франта і Радэк, вырашаюць набыць на вакацыі як мага таннейшую машыну, каб ездзіць па краіне ў пошуках прыгожых дзяўчат. Ім удаецца купіць старую калымагу з французскімі нумарамі, і каб да іх не чапляліся, яны выдаюць сябе за французскіх турыстаў. Аднак замест дзяўчыны першаю ім на дарозе трапляецца бабулька, якую яны падвозяць усяго некалькі метраў. За гэты добры ўчынак лёс дасылае ім падарунак – сустрэчу з загадкаваю рудавалосаю прыгажуняю, якая спрабуе ўцячы ад свайго каханка. Так пачынаюцца іхныя поўныя гарэзы, кахання і дробнага крыміналу прыгоды... Культавы фільм лаўрэата “Оскара” Яна Сверака ўзнік як своеасаблівы эксперымент улетку 1994 г. у кампаніі дзевяці ягоных сяброў, сярод якіх былі зорка чэшскага кіно Анна Ґайслерава, вядомы музыка Радэк Пастрняк і калега – рэжысёр Філіп Рэнч. Фільм атрымаў шэраг нацыянальных узнагародаў, у тым ліку і галоўны прыз фестывалю ў Карлавых Варах за 1995 г.
рэж. Ян Сверак (Jan Svěrák), 1994 г., Чэхія.
У ролях: Анна Ґайслерава (Anna Geislerová), Радэк Пастрняк (Radek Pastrňák), Філіп Рэнч (Filip Renč).










Каментары RSS