«Ваенны фатограф», дак. фільм
Калі хтосьці рызыкуе і ідзе ў гушчу вайсковых дзеянняў, каб паказаць іншым людзям, што там адбываецца, – гэтак ён спрабуе весці перамовы пра міры.
На фронце ўсё ўспрымаецца вельмі непасрэдна. Вы бачыце страшны боль, несправядлівасць і галечу. Калі б кожны мог убачыць уласнымі вачамі, хоць бы адзін раз, што робіць белы фосфар з тварам дзіцяці, які нясцерпны боль прыносіць адна куля або як аскепак снарада адрывае нагу... Калі б усе мы маглі перажыць гэты страх хоць бы адзін раз, мы б зразумелі, што нішто не можа апраўдаць прычыненне такіх пакутаў нават аднаму чалавеку, а тым больш тысячам. Але не ўсе могуць там быць. Таму туды ідуць фатографы.
«Калі твае фотаздымкі недастаткова добрыя, гэта вынік таго, што ты не быў дастаткова блізка» – гэтыя словы Робэрта Капы (Robert Capa) вельмі добра падкрэсліваюць тэму, якую ўздымае аўтар у фільме пра знакамітага ваеннага фатографа Джэмза Нэктўі (James Nachtwey). Цягам двух гадоў рэжысёр Хрыстыян Фрай суправаджае свайго героя ў экстрэмальных сітуацыях: сярод падпаленых дамоў у Косаве, на чыгуначных рэйках у Інданезіі, у выпарэннях слезацечнага газу ў Палестыне. Незвычайныя рэжысёрскія прыёмы дазваляюць пабачыць свет нібы вачыма фатографа. Да фотааб’ектыва прымацаваная маленькая відэакамера, якая і паказвае гледачам сцэны з «драматычнага тэатру жыцця». Глядач можа назіраць не толькі за тым, як нараджаюцца пэўныя здымкі, але і эмоцыі, якія падказваюць Нэктўі момант, калі націснуць на кнопку фотаапарата. Мы бачым знакамітага фатографа, які шукае вырашальнага імгнення. Мы чуем кожны дых майстры. Упершыню ў гісторыі кіно пра фатографаў гэтая тэхніка дазваляе па-сапраўднаму зразумець працу фотажурналіста.
рэж. Хрыстыян Фрай (Christian Frei), 2001 г., Швейцарыя










Каментары RSS