«Плошча», дак. фільм
Як кіеўскі Майдан, так і менская Плошча стала сімвалам змагання беларусаў – найперш маладых людзей – за свабоду, сімвалам іхнага непрыняцця хлусні, іхнае веры ў дэмакратычную еўрапейскую Беларусь. Улады люта расправіліся з пратэстоўцамі. Сотні ўжо свабодных людзей былі арыштаваныя, збітыя, кінутыя ў турмы, звольненыя з працы, выключаныя з універсітэтаў. Гэтая падзея, як бы хто ні хацеў на яе забыцца, застанецца ў гісторыі Беларусі. І вывучаць яе будуць у тым ліку і па фільме Юр’я Хашчавацкага «Плошча».
Фільм ахоплівае не толькі падзеі напярэдадні і пасля выбараў 2006 г. Аўтар сканцэнтраваў у ім змест цэлай эпохі 12-гадовага кіравання Аляксандра Лукашэнкі, цягам якога, падкрэслівае Хашчавацкі, прэзідэнт перадусім змагаўся са шматлікімі «ворагамі» – апазіцыяй, незалежнаю прэсаю, беларускамоўнымі ліцэістамі, «падкопамі» Захаду і нават з не той гісторыяй, якую сам ён вывучаў. Усё найбольш істотнае і адлюстроўваецца ў гэтым фільме: пераслед няўгодных, знікненні палітыкаў, расправа з з недзяржаўнымі медыямі, абарона Курапатаў, закрыццё ліцэю – усё, што перашкаджала танцам прэзідэнта на Кастрычніцкай плошчы, перайменаванай моладдзю ў плошчу свайго любімага героя – Каліноўскага. І за гэтыя гады вырас з хлопчыка ў юнака сын зніклага аператара Змітра Завадскага…
рэж. Юрый Хашчавацкі, 2006 г., Беларусь










Каментары RSS