«Дэраў» (Darrow), біяграфічная драма
1894 год, Чыкага. Карпаратыўны юрыст Клэранс Дэраў (у выкананні Кевіна Спэйсі), які рэпрэзентуе інтарэсы кіраўніцтва чыгуначных кампаніяў, раптоўна пераходзіць на бок прафесійных звязаў і пачынае бараніць працоўных. Гэты паваротны пункт жыцця Дэрава адзначаецца шумнаю перамогаю адваката ў судовым працэсе, на якім ён бароніць актывіста знакамітага Пулманаўскага страйку і лідэра Амерыканскага звязу чыгуначнікаў Юджына Дэбса. З гэтага часу Дэраў, «адвакат праклятых», прысвячае сваё жыццё, сілы, талент і красамоўства абароне слабых, прыгнечаных і зняважаных. Ён бліскуча перамагае ў шэрагу справаў, але ўсё раптоўна змяняецца пасля таго, як бярэцца бараніць Джэймза і Джона МакНамараў, абвінавачаных у выбуху будынку газеты «Лос-Анджэлес Таймз». Пасля захадаў змякчыць судовы прысуд для братоў МакНамараў, Дэраў сам паўстае перад судом, абвінавачаны ў подкупе аднаго з прысяжных, і, нягледзячы на апраўдальны прысуд, страчвае прыхільнасць сваіх сяброў з прафзвязаў. Напрыканцы сваёй кар’еры Дэраў, актыўны супраціўнік смяротнага пакарання, выйграе справу стагоддзя: забойства дзеля эксперыменту 14-гадовага Бобі Фрэнкліна двума заможнымі і таленавітымі хлопцамі – Рычардам Лоэбам і Нэйтанам Леапольдам. Фільм, створаны паводле біяграфіі легендарнага адваката і гуманіста ХІХ–ХХ стст., закранае праблемы міласэрнасці, а таксама пытанне дэтэрмінаванасці чалавечага існавання.
рэж. Джон Дэйвід Коўлз (John David Coles), 1991 г., ЗША
У ролях: Кевін Спэйсі (Kevin Spacey), Крыс Купэр (Chris Cooper), Эрын Крэсіда Ўілсан (Erin Cressida Wilson).
Каментары RSS