Пра нас
Першае незалежнае тэлебачанне ў Беларусі
«Белсат», першы незалежны тэлеканал у Беларусі, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 г., у Сусветны дзень правоў чалавека. Праект рыхтаваўся Польскім тэлебачаннем пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з чэрвеня 2006 г. Канал быў створаны як структурная адзінка Польскага тэлебачання.

Польскае тэлебачанне супрацоўнічала, сярод іншага, з сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, якую за дзейнасць у галіне правоў чалавека Еўрапейскі парламент адзначыў Міжнароднаю прэміяй імя Андрэя Сахарава.

Фармальна стварэнне тэлеканалу сталася вынікам дамовы, падпісанай у 2007 г. паміж польскім Міністэрствам замежных справаў і Польскім тэлебачаннем. У дамове прадугледжвалася шматгадовая супраца і фінансаванне тэлеканалу «Белсат».

Прыём «Белсату»

На сённяшні момант тэлеканал транслюе штодня з 07:00 паводле беларускага часу.


Прымаць «Белсат» можна праз найпапулярнейшы ў Беларусі спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») ды з папулярнага на захадзе краіны «Astra 1KR». Апроч таго, большасць праграмаў змяшчаецца таксама на сайце www.belsat.eu. Праграму тэлеканалу можна пабачыць таксама ў польскай кабельнай сетцы Vectra.

Усе зацікаўленыя аператары кабельных сетак могуць трансляваць канал на ўмовах бясплатнай ліцэнзіі.


Прыём «Белсату» са спадарожнікаў:


«Астра 4А» (пазіцыя 5˚ E, палярызацыя H, частата 12 379,6 МHz)

«Астра 1КР» (пазіцыя 19,2˚ E, палярызацыя H, частата 10 862 МHz)

Мiсiя «Белсату»

Тэлебачанне «Белсат» імкнецца даць беларусам доступ:

  • да незалежнай інфармацыі;
  • да дакладных звестак пра гісторыю іх краіны;
  • да поўнай інфармацыі пра міжнароднае атачэнне Беларусі,
  • да цікавых культурніцкіх і забаўляльных праграмаў на іх роднай мове.

Тэлеканал спрыяе навядзенню мастоў паміж Еўропаю і Беларуссю ды падтрымлівае працэс дэмакратызацыі гэтай краіны.

Істотна, што адной з мэтаў «Белсату» ўжо ўдалося дасягнуць. Калі тэлебачанне пачынала сваю працу, то было адзіным тэлеканалам у свеце, які трансляваў свае праграмы па-беларуску. Пад уплывам «Белсату» ды іншых замежных медыяў, якія працуюць на беларускай мове, – гэта пераважна замежныя радыёстанцыі – паступова павялічваецца ўдзел беларускай мовы ў праграмах беларускага дзяржаўнага радыё і тэлебачання. Такім чынам, родная мова беларусаў мае шанец выйсці з падполля і вярнуцца ў будзённае жыццё.

«БЕЛСАТ» РАЗВІВАЕЦЦА Ў БЕЛАРУСІ, НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА ЦІСК УЛАДАЎ

У тэлевізійнай сферы «Белсат» зламаў манаполію дзяржаўнага ТБ на рэпрэзентацыю падзеяў у Беларусі. Сярод іншага, таму тэлеканал і яго журналістаў пераследуюць улады. У снежні 2009 г. «Белсат» ужо другі раз атрымаў адмову ў рэгістрацыі афіцыйнага прадстаўніцтва каналу ў Менску. Журналісты, пазбаўленыя такім чынам магчымасці працаваць з афіцыйнай акрэдытацыяй, сталі аб’ектам сталага ціску з боку КГБ, міліцыі ды пракуратуры Беларусі. У лютым 2010 г. суд у Менску асудзіў нібыта за хуліганства на 10 дзён арышту Івана Шульгу, незалежнага беларускага журналіста, які супрацоўнічае з «Белсатам». Раней міліцыя спрабавала ўварвацца ў кватэру, якую займае прадстаўнік «Белсату». Штодзённаю практыкаю сталі выклікі нашых супрацоўнікаў на допыты, канфіскацыя знятых матэрыялаў, адмова ва ўездзе ў Беларусь.

Нягледзячы на гэта, на сённяшні момант праграму «Белсату» ствараюць 70 супрацоўнікаў і сталых працаўнікоў у Польшчы ды 120 супрацоўнікаў у Беларусі. Праграмы здымаюцца ў Менску, Варшаве, Беластоку, Вільні ды Празе.

Цягам двух гадоў дзейнасці тэлеканал зарганізаваў курсы для 290 беларускіх журналістаў і тэлеаператараў. Сетка супрацоўнікаў у Беларусі разраслася да дзесяці гарадоў: Бабруйск, Баранавічы, Берасце, Віцебск, Ворша, Гомель, Горадня, Ліда, Менск, Пінск. Тэлеканал мае сваіх сталых карэспандэнтаў у Бруселі, Празе, Вільні, Кіеве і Маскве.

«БЕЛСАТ» ПАДТРЫМЛІВАЕЦЦА ЕЎРАПЕЙСКІМ ЗВЯЗАМ

17 снежня 2009 г. Еўрапейскі парламент трэці раз за сваю гісторыю прыняў рэзалюцыю, якою заклікаў Еўрапейскую камісію і краіны ЕЗ фінансава падтрымаць «Белсат», а ўлады Беларусі – зарэгістраваць тэлеканал і выдаць уязную візу дырэктарцы «Белсату» Агнешцы Рамашэўскай-Гузы. Парламент асудзіў пераслед палітычных апанентаў рэжыму ў Беларусі ды заклікаў увесці маратор на здзяйсненне смяротнага пакарання. У якасці аднаго з прыкладаў пераследу незалежных медыяў падавалася рашэнне беларускага МЗС ад 8 снежня 2009 г. адмовіць у рэгістрацыі тэлебачання «Белсат». Рэзалюцыя была супольнаю ініцыятываю ўсіх найбуйнейшых палітычных сілаў у Еўрапейскім парламенце.

У абарону арыштаванага журналіста Івана Шульгі выступілі старшыня Еўрапейскага парламенту Ежы Бузэк і кіраўнік дыпламатыі Еўразвязу Кэтрын Эштан.

Нашыя гледачы

Чарговыя незалежныя сацыялагічныя доследы паказваюць, што колькасць гледачоў тэлеканалу няўхільна павялічваецца. Паводле апытання, праведзенага ў снежні 2011 г. цэнтрам «Зеркало-Інфо» стала праграмы тэлеканалу «Белсат» глядзіць амаль паўмільёна поўнагадовых беларусаў. Яшчэ больш як паўмільёна глядзяць “Белсат” некалькі разоў на месяц ці глядзелі некалькі разоў. Аж 44 % ведаюць пра існаванне тэлеканалу “Белсат”. Праграмам дзяржаўнага тэлебачання ў рознай ступені давяраюць 47 %, а 43 % не давяраюць ці хутчэй не давяраюць.  Папулярнасць “Белсату”

На пытанне, “Ці Вы гледзіце праграмы тэлеканалу “Белсат”, 15 % поўнагадовых беларусаў адказалі “так, гляджу”. 45 % з іх глядзяць “Белсат” практычна штодзённа альбо некалькі разоў на тыдзень. Гэта сталыя гледачы. У пераліку колькасць сталых гледачоў “Белсату” складае амаль паўмільёна асобаў. Больш як 500 тыс. чалавек (55 %) глядзяць “Белсат” некалькі разоў на месяц альбо глядзелі некалькі разоў. Агулам аўдыторыя “Белсату” налічвае больш за мільён асобаў.

Чарговыя 12 % – гэта патэнцыйныя гледачы “Белсату”: 3 % плануюць пачаць глядзець праграмы тэлеканалу, а 9 % шукаюць магчымасці далучыцца да кола гледачоў.

Сярод аўдыторыі “Белсату” больш мужчынаў (61 %), людзей ва ўзросце 25–49 гадоў з сярэдняю ці вышэйшай адукацыяй (разам 95 %). Сярод прафесійных групаў найбольш прадпрымальнікаў, дзяржаўных чыноўнікаў ды інжынерна-тэхнічных работнікаў.

44 % ведаюць марку “Белсат”

Тэлегледачы ў Беларусі карыстаюцца паслугамі эфірнага, кабельнага, спадарожнікавага і інтэрнэтавага тэлебачання ды маюць доступ да вялікай колькасці тэлеканалаў. Таму апраўданым было пытанне “Ці Вы ведаеце пра існаванне тэлеканалу “Белсат?” Больш за палову – 56 % рэспандэнтаў – адказалі, што не ведаюць пра такі канал. Адначасова 44 % беларускіх тэлегледачоў паінфармаваныя пра дзейнасць незалежнага беларускага спадарожнікавага тэлебачання.

Давер да дзяржаўнага тэлебачання

Пытанне, “У якой ступені Вы давяраеце праграмам дзяржаўнага тэлебачання?”, падзяліла беларусаў. 47 % рэспандэнтаў ці адносная большасць давярае ім ці хутчэй давярае. 43 % асобаў не давяраюць ці хутчэй не давяраюць дзяржаўнаму беларускаму тэлебачанню. 10 % абралі варыянт “цяжка адказаць”.

Сярод асобаў, якія давяраюць дзяржаўнаму тэлебачанню, дамінуюць жанчыны і людзі ва ўзросце 50 гадоў і болей. Сярод тых, хто не давярае дзяржаўнаму тэлебачанню, пераважаюць мужчыны і асобы ва ўзросце да 50 гадоў.

Даступнасць тэлебачання ды інтэрнэту

Даследаванні паказалі, што амаль усе дарослыя жыхары Беларусі (96 %) – тэлегледачы, а больш за палову (58 %) карыстаюцца інтэрнэтам. Агульная колькасць карыстальнікаў інтэрнэту вырасла (з узроўню 55 % у снежні 2010 г.) коштам змяншэння колькасці тых, хто не мог вызначыць сваёй датычнасці да інтэрнэту, але тэмп росту нізкі.

Практычна штодзённа інтэрнэтам карыстаюцца 29 % беларусаў. У снежні 2010 г. сталых карыстальнікаў інтэрнэту было 24 %.

Адначасова 38 % беларусаў не маюць доступу да інтэрнэту. Гэтая лічба заставалася стабільная ад снежня 2010 г.

*Сацыялагічнае даследаванне правялі 9–20 снежня 2011 г. Метад даследавання – інтэрв’ю-анкетаванне сярод жыхароў Беларусі ва ўзросце 18 гадоў і болей. У прапарцыйнай квотавай пробе ўдзельнічалі 1502 рэспандэнты. Кантраляваныя параметры: месца жыхарства, велічыня паселішча, пол, узрост, адукацыя. Статыстычная памылка не перавышае 1,2 %.

ІНФАРМАЦЫЯ
Штодня ад 18:00 у вечаровым эфіры тэлеканалу, кожная гадзіна пачынаецца інфармацыйнаю праграмаю «Аб'ектыў». Ад панядзелка да пятніцы першае выданне інфармацыйнай праграмы «Аб’ектыў», а 18:00, ўзбагачанае аглядам прэсы ды інтэрнэту. Другое, абноўленае, – а 19:00. Адразу пасля яго – актуальная размова дня ў праграме «Гарачы каментар».

А 20:00 - галоўнае выданне «Аб’ектыву» – адзінага свабоднага ад цэнзуры тэлевізійнага інфармацыйнага сервісу ў Беларусі. Выданне дапоўнена навінамі спорту і надвор’ем. 

Выданні «Аб’ектыву» можна глядзець на старонцы www.belsat.eu
 
Нашыя журналісты працуюць ува ўсіх найбуйнейшых гарадах краіны. Дзякуючы гэтаму, «Аб’ектыў» – самы аператыўны і найлепш інфармаваны пра падзеі ў Беларусі сервіс у тэлепрасторы.

ПУБЛІЦЫСТЫКА

«Два на два» – гэта штотыднёвыя сустрэчы з выбітнымі палітыкамі, найлепшымі беларускімі экспертамі, інтэлектуаламі ды людзьмі культуры.

Ток-шоу «Форум», якое ў супрацы з Грамадскім літоўскім тэлебачаннем здымаецца ў Вільні, закранае найбольш гарачыя праблемы беларускага грамадства. Вядоўца Эдуард Мельнікаў запрашае ў віленскую студыю прадстаўнікоў розных беларускіх грамадскіх і палітычных колаў. Аднак крэсла, адведзенае прадстаўнікам улады, застаецца пустым.

«Зона «Свабоды» – гэта праграма, у якой беларускія журналісты партнёрскага “Radio Free Europe – Radio Liberty” робяць публіцыстычны агляд падзеяў тыдня.

«Прэс-экспрэс» прапаноўвае штотыднёвы агляд як дзяржаўнага, так і незалежнага беларускага друку, а новы «ПраСвет», які ствараецца ў Варшаве і Бруселі, аналізуе бягучыя падзеі ў міжнароднай палітыцы.

Навінка ў праграме тэлеканалу – «Моўнік», лінгвістычная праграма, у якой філолаг Вольга Іскрык і мовазнавец Зміцер Саўка запрашаюць гледачоў спасцігнуць таямніцы беларускае мовы.

«Сальда» тлумачыць эканамічныя механізмы, а «Асабісты капітал» раіць, як эфектыўна распараджацца сямейным бюджэтам. «Маю права», у сваю чаргу, дапамагае арыентавацца ў беларускім заканадаўстве і аналізуе выпадкі парушэння закону ўладамі Беларусі.

ДАКУМЕНТАЛІСТЫКА І РЭПАРТАЖЫ

Пачынаючы з 2007 г., «Белсат» зняў у Беларусі амаль 90 дакументальных фільмаў і рэпартажаў, якія сталі візітоўкаю тэлеканалу і здабылі шмат прэстыжных узнагародаў на міжнародных фестывалях і кінааглядах. Большасць гэтых фільмаў паказваюць жыццё сучасных беларусаў, а таксама гісторыю іх краіны – без прапаганды, белых плямаў і замоўчвання.

КУЛЬТУРА І ЗАБАВА

На «Белсаце» знайшлі сваё месца беларускія артысты, творчасць якіх забароненая ў Беларусі. Праграма «Прыватная калекцыя» прэзентуе найцікавейшыя альбомы, гурты, фільмы, кнігі, карціны выбітных прадстаўнікоў свету культуры.

Іншая культурніцкая праграма, «Рэмарка», прысвечаная тром формам творчасці: літаратуры, выяўленчаму мастацтву і тэатру. З аглядам новых кніг беларускіх і замежных аўтараў знаёміць гледачоў пісьменніца Святлана Адзінец. Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі наведвае самыя цікавыя выставы і дзеліцца свежымі ўражаннямі ад навінак жывапісу, скульптуры, фатаграфіі. Тэатральны крытык Лізавета Міхальчук распавядае, чым дыхаюць сталічныя тэатры і што агулам адбываецца на беларускай сцэне.

ФІЛЬМЫ І СЕРЫЯЛЫ

Важны элемент прапановаў «Белсату» – фільмы і папулярныя серыялы, якія мы паказваем заўсёды ў беларускім перакладзе. Гэткім чынам наш тэлеканал даходзіць да масавага гледача са сваёй місіяй папулярызацыі беларускае мовы. Аматары кіно знойдуць у праграме і вядомыя хіты, і амбітныя кінафільмы для знаўцаў.

ДЛЯ НАЙМЕНШЫХ

Не менш важная і супольная забава, спалучаная з адукацыяй наймаладзейшай аўдыторыі. Хітом у Беларусі стала створаная для «Белсату» беларускамоўная версія «Аблавушка». Дзякуючы цыклу «Ліпі і Мэсі» дзеці атрымалі магчымасць у забаўляльнай форме пазнаёміцца з падставамі англійскае мовы.
  • У 2010 г. Агнешка Рамашэўская-Гузы і тэлеканал «Белсат» уганараваная прэміяй – імя Ежы Гедройца.
  • У 2009 г. Агнешка Рамашэўская-Гузы разам з іншымі журналістамі каналу намінавалася на прэстыжныя прэміі – імя Ежы Гедройца ды імя Дар’юша Фікуса.
  • У 2008 г. галоўныя рэдактары і дырэктары найбуйнейшых польскіх медыяў намінавалі тэлевізію «Белсат» на прэмію імя Анджэя Вайцехоўскага.
  • У 2008 г. «Белсат» намінаваўся на Студэнцкую журналісцкую прэмію «Mediatory».

«Рабінзоны Мантсінсаары», рэж. Віктар Аслюк

Прэмія «Le Prix international de la Scam» – XXXI міжнародны фестываль дакументальнага кіно «Cinéma du réel», Парыж, Францыя.

Прэмія Грамадзянскага таварыства мультымедыйных аўтараў.

Спецыяльная адзнака на 23-м міжнародным фестывалі тэлевізійнай прадукцыі ў Берліне.

Конкурс пад патранатам Рады Еўропы і Еўрапейскага парламенту.

«Сальда», аўт. Аляксей Мінчонак і Пётр Дзякоўскі

Прэмія ў катэгорыі «эканамічны бюлетэнь», прызнаная за «прафесіяналізм у крайне цяжкіх рэалізацыйных умовах», – XIV агульнапольскі агляд дакументальных формаў «Bazar», Познань, Польшча.

«Галерэя Ады», рэж. Уладзімір Колас

Галоўная ўзнагарода – VIII міжнародны фестываль крэатыўных дакументальных фільмаў «Escales Documentaire», Ля-Рашэль, Францыя.


Прыз «Залатая багіня» ў намінацыі «Нацыянальны характар» – Міжнародны фестываль тэлевізійных праграмаў і фільмаў «Залаты бубен», Ханты-Мансійск, Расея, верасень 2008 г.


Спецыяльная ўзнагарода ў катэгорыі «Найлепшы рэгіянальны нізкабюджэтны дакументальны фільм» – «Europa Prіx», Берлін, кастрычнік 2008 г. Конкурс праходзіць пад патранатам Рады Еўропы і Еўрапейскага парламенту.

«Краіна светлых мрояў», рэж. Юрый Гарулёў

Гран-пры – Мультымедыйны фестываль «Польскія айчыны–2008», Чэнстахова, Польшча.

«Сэрца за кратамі», рэж. Вольга Нікалайчык

Прыз «Залатая багіня» ў намінацыі «Публіцыстыка» – Міжнародны фестываль тэлевізійных праграмаў і фільмаў «Залаты бубен», Ханты-Мансійск, Расея, верасень 2008 г.

«Атамны Астравец», рэж. Мікалай Ваўранюк

«Ганаровае прызнанне» ў конкурснай праграме 36-га міжнароднага фестывалю фільмаў, прысвечаных тэме збалансаванага развіцця, Браціслава, Славаччына.

«Пад прыцэлам улады», дак. фільмб рэж. Мікалай Ваўранюк і Томаш Януліс

Узнагарода ў катэгорыі фільм-рэпартаж у XV Агульнапольскім праглядзе дакументальных формаў BAZAR у Познані.

Узнагарода прызнаная «за паказванне, наколькі важным, хоць і небяспечным ёсць вядзенне прыватнага бізнесу ў Беларусі».

«ІзГоі», дак. фільм, рэж. Аляксандр Ступнікаў

Спецыяльная ўзнагарода на VII Міжнародным кінафестывалі «Габрэйскія матывы 2010».

Стужку ўзнагародзілі «за гістарычную праўду пра тое як габрэйскія патрыёты са зброяю ў руках змагаліся супраць гітлераўцаў».

«Днюка», дак. фільм, рэжю Андрэй Куціла і Аляксандар Налівайка.

Галоўная ўзнагарода – «Залаты Жабрак для найлепшага рэгіянальнага тэлеканалу» у конкурсе XVI міжнароднага фестывалю рэгіянальных тэлевізіяў, Кашыцы, Славччына.

Узнагарода прызнаная «за спосаб рэпрэзентацыі часам жудаснай рэчаіснасці штодзённага жыцця ў Беларусі ды за выдатны выбар герояў і здымкі».

Партнёры

СТРАТЭГІЧНЫЯ ПАРТНЁРЫ

Праект «Белсат TV» – гэта ініцыятыва, ахопленая патранатам Польскага Міністэрства Замежных Справаў. Праект у значнай ступені фінансуецца з мэтавых рэзерваў бюджэту краіны, якія знаходзяцца ў распараджэнні МЗС Польшчы і прызначаюцца на падтрыманне міжнароднае супрацы дзеля дэмакратыі ды развіцця грамадзянскай супольнасці.

Другі важны партнёр праекту – Польскае тэлебачанне, якое забяспечвае тэхнічную ды інфраструктурную базу.

Swedish International Development Cooperation Agency (SIDA)
прызнала 15 млн шведскіх кронаў на выкарыстанне ў 2010–2012 гг. Грант прызначаны на фінансаванне праектаў, скіраваных на рознабаковае пашырэнне місіі тэлеканалу.

АКТУАЛЬНЫЯ ПАРТНЁРЫ

Паўночная рада міністраў прызнала ў 2010 г. датацыю на вытворчасць больш як дзесяці выданняў праграмы «Госць «Белсату», а ў  2011 г. - датацыю на рэалізацыю цыклу праграмаў «Форум», а таксама на арганізацыю курсаў для студэнтаў Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэту ў Вільне. 

Амбасада Каралеўства Нідэрландаў у межах праграмы «Matra KAP» у 2009 г. прызнала датацыю да стварэнне падарожніцкага цыклу праграмаў «Аўтастопам праз Еўропу», а ў 2010 г. - цыклу выбарчых праграмаў.

РАНЕЙШЫЯ ПАРТНЁРЫ

МЗС Літвы фінансавала вытворчасць ток-шоу «Форум».

Дзяржаўны дэпартамент ЗША пры пасярэдніцтве міжнароднай арганізацыі IREX фінансава падтрымаў вытворчасць шэрагу праграмаў і набыццё тэлевізійнага абсталявання.

Урад Вялікай Брытаніі ўдзельнічаў у набыцці тэлевізійнай тэхнікі ды арганізацыі курсаў тэлежурналістаў.

Урад Ірландыі пры пасярэдніцтве «Irish Aid» спансараваў курсы для тэлежурналістаў.

Еўрапейская камісія праз «Media Consulta»
У межах праграмы «EuropeAid» тэлебачанне «Белсат» разам з украінскім «5-м каналам», Малдаўскім тэлебачаннем і расейскаю тэлевізіяй RTVi штотыдзень рыхтуе публіцыстычную праграму «Акно ў Еўропу», прысвечаную рэалізацыі найважнейшых праектаў Еўрапейскага Звязу на тэрыторыі Украіны, Беларусі, Малдовы і Расеі.

МЕДЫЯ-ПАРТНЁРЫ

Deutsche Welle TV
прапаноўвае гледачам «Белсату» свае праграмы:
– «На колах» (Motor mobil) – пра ўсё, што датычыць аўтамабіля;
– «Еўропа сёння» (Europa aktuell) – пра ўсё цікавае, што адбываецца ў Старым свеце;
– «Праект «Будучыня» (Projekt Zukunft) – навукова-папулярны часопіс пра навуковыя доследы і адкрыцці.

Беларускае радыё «Рацыя»
ўдзельнічае ў рыхтаванні штотыднёвага агляду друку «Прэс-экспрэс».

Літоўскае тэлебачанне (LTV)
суўдзельнічае ў стварэнні штотыднёвага ток-шоу «Форум».

Тэлебачанне «Белсат» фінансуецца пераважна з бюджэту польскай дзяржавы.

У сваёй стратэгіі развіцця тэлеканал разлічвае на паступовае павелічэнне замежных датацыяў такім чынам, каб праект рабіўся сапраўды міжнародным. Калі большасць выдаткаў на рэалізацыю праекту прыпадае на польскі бок, то гэта дазваляе замежным партнёрам пазбегчы фінансавай рызыкі. Іх удзел мае ключавое значэнне з прычыны палітычнай мэтазгоднасці ды стабільнасці праекту. Важна таксама, каб беларусы ведалі, што могуць разлічваць на падтрыманне міжнароднае супольнасці.

Міжнароднае фінансавае спрыянне магло б прынесці найбольшы вынік, калі б выкарыстоўвалася на набыццё і вытворчасць новых праграмаў, што мае істотнае значэнне для павышэння прывабнасці тэлеканалу. Замежная дапамога была б таксама пажаданаю для аплаты навучальных курсаў для кадраў каналу і для набыцця тэхнікі, якою маглі б карыстацца журналісты ў Беларусі.

У залежнасці ад прапанаванае сумы, урады краінаў-партнёраў змогуць выбраць, якія праграмы хацелі б спансараваць і ў якой ступені.

Урады і ўстановы, зацікаўленыя ў падтрыманні праекту, просім звяртацца да Багуславы Агжэбач:

Bogusława Ogrzebacz
Belsat TV
Plac Powstańców Warszawy 7
00-999 Warszawa, Polska / Warsaw, Poland
T.: (+48)-785 985 456
E.: Boguslawa.Ogrzebacz@tvp.pl

Панэль лагавання

Пароль або логін няправільны
Loader