Плёткі ды хлусня. Так ўспрынялі былыя саюзнікі заявы экс-кандыдата на прэзідэнцтва Рыгора Кастусёва. Палітык перакананы ў сваёй рацыі ды абяцае адкрыць яшчэ больш таямніцаў выбарчай гонкі. Пра наступствы сказанага – у нашым матэрыяле.
Плошча 19 снежня. Рыгор Кастусёў разам з іншымі прэтэндэнтамі на найвышэйшую дзяржаўную пасаду. Але ўжо праз некалькі месяцаў з вуснаў былога кандыдата і намесніка старшыні Партыі БНФ прагучалі нечаканыя словы:
РЫГОР КАСТУСЁЎ, ЭКС-КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА:
"Далёка ад гораду Магілёва такая сустрэча мела месца, на якой мне паабяцалі 100 тыс. долараў за зняцце кандыдатуры”.
Хто канкрэтна з былых кандыдатаў прапанаваў Кастусёву грошы за зняцце кандыдатуры незадоўга да выбараў, палітык вырашыў пакуль трымаць ў таямніцы. А вось прозвішчы сваіх былых аднапартыйцаў, якія нібыта прасілі яго сысці з выбарчай гонкі наўзамен на падтрыманне ягонай кандыдатуры на пасаду старшыні партыі Кастусёў называе адкрыта: Вінцук Вячорка і Юрась Хадыка. Апошнія кажуць, што гэта хлусня.
ЮРАСЬ ХАДЫКА, БЫЛЫ СЯБРА ПАРТЫІ БНФ:
"Гэта была прыватная гаворка. Я проста выказаў занепакоенасць аўтарытэтам Партыі БНФ, якая пасля 13 % Пазняка збярэ 2 %, 3 % ці ўвогуле 1 %”.
А самі былыя супернікі Рыгора Кастусёва, якіх экс-кандыдат абвінавачвае ў няшчырасці, хлусні ды абліванні яго брудам падчас кампаніі, разводзяць рукамі.
ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, БЫЛЫ КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА:
"Гэта з боку спадара Кастусёва выглядае як плёткі. Я не памятаю, каб падчас выбарчай кампаніі ў ягоны бок былі нейкія абразлівыя выказванні".
Палітолагі тлумачаць інцыдэнт старымі праблемамі ў апазіцыі ды задаюцца пытаннем.
УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:
"Ці варта нам працягваць паліванне брудам адзін аднаго ў апазіцыі, калі першай нашаю мэтаю гэта кансалідацыя. Пры гэтым кожны паасобку робіць, каб гэтага аб'яднання не адбылося".
Каму гэта выгодна, зразумела. У тым ліку і самому Кастусёву, які, нягледзячы на ўсё, перакананы, што мае рацыю.
РЫГОР КАСТУСЁЎ, ЭКС-КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА:
"Я не першы раз чую на свой адрас, што я прадаўся КДБ, што я прадаўся ўладам. Сам для сябе я ведаю, што ніякіх лістоў я не пісаў, ніякіх заяваў аб супрацы я не падпісваў".
Але і словаў з песні не выкінеш... Першыя вынікі ўжо ёсць. Галоўнага рэдактара "Народнай Волі" Рыгор Кастусёў абвінаваціў, што той вымагаў у яго грошы – за артыкул у выданні. У адказ Іосіф Сярэдзіч заявіў, што не пусціць былога кандыдата нават на ґанак рэдакцыі, затое з ахвотаю сустрэнецца з ім у судзе. А тры былыя прэтэндэнты нават і не могуць яму адказаць – самі чакаюць суда.
Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”
Спачатку выгналі, пасля... запрасілі. Беларускі бок нечакана запрасіў назіральнікаў АБСЕ на судовыя працэсы ў справе 19 снежня. Першая група з чатырох экспертаў прыбудзе паслязаўтра на суд над Дзмітрыем Мядзведзем ды расейскімі грамадзянамі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэусам. Навошта ўладам Беларусі прысутнасць замежных назіральнікаў?
Пасля таго, як прадстаўнікі АБСЕ далі негатыўную ацэнку хадзе прэзідэнцкіх выбараў, перад Новым годам Беларусь зачыніла менскі офіс арганізацыі. З-за «адсутнасці аб’ектыўных падставаў для захавання місіі». І вось – Захад ізноў заклікаюць да супрацы.
АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ:
«Такім запрашэннем афіцыйны Менск пачынае гандаль з Захадам, гандаль палітвязнямі. Гэта патрэбна, каб паказаць нібыта сваю гатоўнасць да кампрамісаў».
Паводле Міністэрства замежных справаў, такім запрашэннем Беларусь дэманструе сваю адкрытасць. Але ў МЗС нават не хаваюць, што ад місіі АБСЕ трэба толькі адно.
АНДРЭЙ САВІНЫХ, МІНІСТЭРСТВА ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ:
«Мы хочам, каб удзел вонкавых экспертаў пацвердзіў, што ўсе судовыя працэсы цалкам адпавядаюць нацыянальнаму заканадаўству Беларусі».
Аднак эфектыўнасць такіх назіральнікаў на судзе стаіць пад пытаннем з-за ранейшай дзейнасці еўрапейскіх экспертаў.
АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ:
«Прысутнасць АБСЕ моцна на вынік прысуду не ўплывала раней. Калі ўлады вырашылі засудзіць Казуліна, яны гэта зрабілі, тое самае было ў выпадку Мікалая Аўтуховіча».
Больш за тое, у справе Аўтуховіча эксперты АБСЕ пагадзіліся з датычнасцю абвінавачанага да інкрымінаваных яму тэрактаў. Хаця потым суд гэтага не даказаў. Падобная гісторыя была і з незалежным расследаваннем смерці журналіста Алега Бябеніна. Тады адмыслоўцы ад АБСЕ замест паўнавартасных следчых дзеянняў проста прачыталі гатовыя дакументы беларускага следства. І паставілі подпісы пад высновамі, што гэта было звычайнае самагубства.
АЛЯКСАНДР АТРОШЧАНКАЎ, СЯБРА АЛЕГА БЯБЕНІНА:
«Эксперты прыязджаюць ананімна, знаёмяцца толькі з тымі дакументамі, якія ім дае следства. Канечне, вельмі мала было спадзеву на аб'ектыўныя высновы».
Цяпер Аляксандр Атрошчанкаў – ужо асуджаны на адным з першых працэсаў, на працяг якіх запрошаныя прадстаўнікі АБСЕ. Ён ужо атрымаў 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму – праўда, яшчэ без іхнай прысутнасці. Праваабаронцы спадзяюцца на місію, але больш як на магчымасць фіксаваць падзеі ў судзе.
АЛЕНА ТАНКАЧОВА, ПРАВААБАРОНЦА:
«Гэта фактычна гарантыя таго, што хоць нейкія незалежныя назіральнікі змогуць маніторыць гэты працэс ад пачатку да канца».
Прысутнасць назіральнікаў на судах, магчыма, і не прымусіць суддзяў і пракурораў больш адказна абыходзіцца з законам. Аднак менавіта ад міжнародных экспертаў залежыць, якімі будуць прысуды ў вачах усяго свету.
Марцін Ярскі, «Аб'ектыў»
Зусім сакрэтна! 68-ы ўказ прэзідэнта пашырыў спіс беларускіх установаў, якія могуць карыстацца такім грыфам. Звычайна ён распаўсюджваецца на сакрэтныя звесткі, напрыклад, у вайсковай, вонкавапалітычнай, навукова-тэхнічнай галінах, абнародаванне якіх наносіць шкоду інтарэсам дзяржавы. Навошта ж да гэтага Аляксандр Лукашэнка засакрэціў яшчэ і інспекцыю жывёльнага ды расліннага асяроддзя?
Грыф “сакрэтна” пашырае сферу дзеяння. Нядаўнім прэзідэнцкім указам фармулёўкай аб засакрэчанасці інфармацыі дазваляецца карыстацца чыноўнікам з 58-мі дзяржаўных установаў. Афіцыйныя мэта – прававое рэгуляванне адносінаў у сферы дзяржаўных сакрэтаў. Аднак былы заканадаўца мяркуе, што парадак сярод чыноўнікаў наводзяць...
ПАВЕЛ ЗНАВЕЦ, ЭКС-ДЭПУТАТ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ:
«…каб нагнаць на іх яшчэ большы страх, каб яны як мышы пад венікам сядзелі ды не варушыліся».
Існаваў такі спіс і раней – у 2007 годзе да яго аднеслі роўна паўсотні ўстановаў. Пасля леташніх выбараў сакрэтнасць прыпісалі яшчэ васьмі. Сярод іншых, Вярхоўнаму і Найвышэйшаму гаспадарчым судам і Савету Рэспублікі.
ВІКТАР КАРНЯЕНКА, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:
«Жаданне паставіць такую жалезную заслону паміж уладай і народам, каб народ не ведаў, што робіць улада, якія яе дасягненні насамрэч, і каб улада, выкарыстоўваючы прапаганду, давала любую інфармацыю, не адпаведную рэчаіснасці».
А журналістцы Марыне Коктыш цяжка зразумець, на якой падставе можна засакрэціць дзеянні Дзяржтэлерадыёкампаніі – «маці» БТ, ЛАДу, ды іншых тэле- і радыёстанцыяў – большасць беларусаў атрымліваюць інфармацыю менавіта адтуль! Затое Марына на ўласным прыкладзе адчула, навошта такія захады могуць спатрэбіцца.
МАРЫНА КОКТЫШ, ЖУРНАЛІСТКА:
«Мяне пазбавілі акрэдытацыі ў Палату прадстаўнікоў, і мы законнымі шляхамі спрабавалі высветліць, на падставе чаго. І я вось мяркую, што гэта той самы дзяржаўны сакрэт. Нам не адказалі ні на адзін наш ліст, ні на адзін зварот».
Некаторыя рабіць хочуць, але не могуць, а працоўны час іншых запоўнены спробамі стварыць ўражанне запрацаванасці. Бо інакш нельга патлумачыць раптоўнае засакрэчванне ў тым ліку Інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнту.
МІХАІЛ ЧЫГІР, БЫЛЫ ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР:
«На службе вельмі шмата людзей з пагонамі, і яны [хочуць] даказаць сваю неабходнасць працы, штосьці шукаюць, штосьці выдумляюць, штосьці нясуць на подпіс. Я думаю, што прэзідэнт Лукашэнка добра не разабраўся, што ён падпісаў».
Але магчыма, хутка пачне разбірацца. Прычым у добра вядомай манеры.
Асабліва, калі засакрэчаная інфармацыя, як гэта часта бывае, прыцягне дадатковую ўвагу. І выйдзе на паверхню тое, што дагэтуль і сапраўды заставалася таямніцаю.
Мар'яна Чарняева, «Аб'ектыў»
ЛІВІЯ: ДЫЯЛОГ МАГЧЫМЫ?
Лідар Лівіі Муамар Кадафі можа адмовіцца ад улады, аднак наўзамен на поўную гарантыю бяспекі для яго і ягонае сям'і. Пра гэта паведамляе газета "Ашарк аль-Аўсат", што выходзіць у Лондане.
Пацверджаннем звестак з ананімнай крыніцы, на якую спасылаецца выданне, можа быць і сённяшні заклік да перамоваў, з якім звярнуўся да апазіцыі колішні прэм'ер-міністр Лівіі Азуз ат-Тальхі. У сваім тэлезвароце ён прапанаваў рэвалюцыянерам спыніць кровапраліцце ў краіне ды перадухіліць замежную інтэрвенцыю. Тым часам прыхільнікі Муамара Кадафі ўзмацнялі сёння абарону гораду Сырт, а праціўнікі, якія, паводле лонданскага выдання, не адказалі на прапанову ўладаў, рыхтуюцца да зацяжной грамадзянскай вайны.
БЫЛЫ ПРЭЗІДЭНТ – НА ЛАВЕ ПАДСУДНЫХ
У Францыі пачаўся першы ў гісторыі краіны працэс былога прэзідэнта. 78-гадовага Жака Шырака вінавацяць у нямэтавым выкарыстанні дзяржаўных сродкаў . Сённяшняе паседжанне мела працэдурны характар. Шырака чакаюць у судзе заўтра. Калісьці самага папулярнага палітыка Францыі абвінавачваюць у тым, што ў бытнасць мэрам Парыжу ён незаконна прыняў у штат мэрыі некалькі працаўнікоў з апарату ўласнай партыі дзеля рыхтавання прэзідэнцкай кампаніі. Шыраку пагражае турэмнае зняволенне да 10 гадоў, штраф 150 тысяч еўраў і абмежаванне ў выбарчых правах. Сам Шырак абвінавачанні катэгарычна адмаўляе.
ЭСТОНІЯ: ПРАДКАЗАЛЬНЫЯ ВЫНІКІ
На парламенцкіх выбарах, што ўчора прайшлі ў Эстоніі, перамогу атрымала кіроўная Партыя рэформаў, якую ўзначальвае прэм'ер-міністр Андрус Ансіп. Перамогу правацэнтрыстам запэўнілі 29 % выбарнікаў. На другім месцы – апазіцыйная Цэнтрысцкая партыя з дваццаццю трыма адсоткамі галасоў. Трэцяй і апошняю партыяй, якая прайшла ў парламент, стала арганізацыя сацыял-дэмакратаў, якая набрала 17,1 %. Толькі 0,9 % галасоў набрала Расейская партыя Эстоніі. Большасць у парламенце, як і раней, захавае кааліцыя пераможнай Партыі рэформаў і кансерватараў з Саюзу Айчыны і Рэспублікі. Таму змены палітычнага курсу краіны, хутчэй за ўсё, чакаць не даводзіцца.
RIO: ТАНЦЫ І ЖАРСЦЬ
Карнавал у Рыў-ды-Жанэйру дасягнуў кульмінацыі. На знакамітым самбадроме прайшоў маляўнічы парад, у якім узялі ўдзел найлепшыя танцоры з 14 школаў самба. Перад шчасліўцамі, якія трапілі на шэсце, за дзве ночы ў калонах прайшлі каля 60 тысяч танцораў і музыкаў. Гэта відовішча лічыцца адным з самых яркіх на планеце. Нягледзячы на дажджлівае надвор'е, бразільскае свята танца і прыгажосці наведалі сёлета больш за паўтара мільёны чалавек.
Вольга Саўле, “Аб’ектыў”
На Беласточчыне, за 40 кіламетраў ад польска-беларускай мяжы, з’явіўся яшчэ адзін беларускі асяродак. Ініцыятыва належыць мясцовым актывістам Саюзу беларускай моладзі.
Сапраўдны шчыт беларушчыны з’явіўся ў суседняй Польшчы. У вёсцы Шчыты, што на Падляшшы, урачыста адкрылі Цэнтр адукацыі і прамоцыі беларускай культуры. Як цвердзяць гаспадары, месца для сядзібы абралі невыпадкова.
МІХАСЬ СЦЕПАНЮК, САЮЗ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ:
“Тут вельмі блізка да шашы Бельск–Гайнаўка. Гэта скрыжаванне трох гмінаў: гміны Орля, дзе знаходзімся, а таксама гмін Чыжы і Бельск-Падляскі – гэта тры беларускія гміны, у якіх варта нешта цікавае рабіць”.
Калі з месцам вызначыліся, запрыкмецілі і старую занядбаную камяніцу, дзе некалі месцілася школа. Аднаўлялі будынак усёю талакой: адныя дапамаглі грашыма, другія – карыснымі парадамі, трэція – сваімі будаўнічымі навыкамі. Насустрач пайшлі і чыноўнікі.
АЛЯКСАНДР САСНА, ВІЦЭ-ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАСТОКУ:
“Буду ўсцешаны, калі мой унук, завітаўшы ўлетку ў вёску, прыедзе і сюды. А потым, калі будзе навучэнцам пачатковай школы, пазней ліцэістам ці нават студэнтам – прыедзе сюды і будзе ўдзельнічаць у варштатах альбо іншых імпрэзах”.
І хоць цалкам адрамантаваць пакуль што атрымалася толькі першы паверх старой камяніцы, галоўны ініцыятар стварэння беларускага цэнтру ў Шчытах Ігар Лукашук упэўнены: улетку ўнуку віцэ-прэзідэнта Беластоку, які таксама паходзіць з Арлянскай гміны, будзе куды ехаць.
ІГАР ЛУКАШУК, КААРДЫНАТАР ПРАЕКТУ:
“Бо мы вельмі нецярплівыя людзі. І адмыслова запраектавалі першы этап гэткім чынам, каб ён дазволіў нам зрэалізаваць некаторыя праекты ўжо на першым паверсе”.
У найбліжэйшых планах – пункт турыстычнай інфармацыі, нядзельныя сустрэчы для мясцовых жыхароў, тэатральныя пастаноўкі для шкаляроў ды выставы пра беларусаў Падляшша.
Валеры Руселік, “Аб’ектыў”
Сапраўдны крыжовы паход супраць сваёй гістарычнай радзімы распачаў Станіслаў Сямашка. Гарадзенскі бізнесовец і па сумяшчальніцтве старшыня праўладнага Саюзу палякаў звярнуўся ў камісію міжнародных справаў і сувязяў СНД з прапановаю вызначыць адпаведнасць польскага закону “Аб карце паляка” нормам міжнароднага права.
СТАНІСЛАЎ СЯМАШКА, АФІЦЫЙНЫ САЮЗ ПАЛЯКАЎ:
“Мы не хочам ані іхнай удзячнасці, мы не хочам ані іхных грошай – мы элементарна чалавечай павагі хочам!”
На думку Станіслава Сямашкі, польскі ўрад праводзіць палітыку падзелу палякаў замежжа на “правільных” і “няправільных”. У адрозненне ад 17 тысячаў беларускіх грамадзянаў, кіраўніку афіцыйнага Саюзу, які нават не валодае моваю дэклараванай нацыянальнай прыналежнасці, у “карце паляка” адмовілі. Трапіў ён і пад еўрапейскія візавыя санкцыі. Ініцыятыву пакрыўджанага кіраўніка афіцыйнага Саюзу палякаў ужо падтрымалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Яны звярнуліся з прапановаю Сямашкі ў Канстытуцыйны суд краіны. Сам жа ініцыятар спыняцца на гэтым не збіраецца і абяцае шукаць праўды і ў... еўрапейскіх інстанцыях.
Валеры Руселік, “Аб’ектыў”
Уразіць ды абудзіць у верніка ўзнёслыя пачуцці. З такою мэтаю на пачатку 18 стагоддзя пабудавалі Магілёўскі езуіцкі касцёл у маляўнічым стылі барока. Культавая бажніца перажыла не адну вайну, зруйнавалі ж яе – савецкія ўлады. Цяпер магілёўцы ўзнімаюць пытанне адбудовы архітэктурнага ансамблю, аднак Міністэрства культуры ў гістарычным цэнтры гораду хацела бачыць... офісны будынак. Але мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы дамаглася адмены такога рашэння.
Комплекс езуіцкага калегіуму і касцёлу знаходзіўся тут, вось на гэтым месцы. Гэта быў цэлы квартал. Цяпер Алег Дзячкоў пра гісторыю гэтага месца распавядае з палёгкаю, бо ведае – навабуд тут не паўстане. Грамадскія актывісты ўсё ж дамагліся, каб гэтая частка гарадской гісторыі не знікла цалкам.
ЖЫХАРКА МАГІЛЁВА
"У нас ў Магілёве не так шмат помнікаў архітэктуры, якія захаваліся, і тое, што захавалася месца, гэта ўжо паўсправы. Можна рабіць гэта, аднаўляць. І рабіць цікавейшым, прыгажэйшым наш горад для нас і для тых, хто да нас прыязджае".
Аднак замест гэтага тут мог з’явіцца чарговы офіс. “Не”, – сказалі ўдзельнікі грамадскіх слуханняў. І мясцовым уладам давялося адмовіць кампаніі “Сервалюкс”.
ГАРВЫКАНКАМ МАГІЛЁВА:
"На падставе, што людзі былі супраць, большасць. Добра, калі, можа быць, 1 адсотак з 100 быў “за”. У сувязі з гэтым адмовілі".
Гэтую навіну азмрочвае хіба тое, што адрэстаўраваныя муры бажніцы магілёўцы наўрад ці пабачаць. У мясцовым бюджэце цяпер няма грошай нават на археалагічныя працы ў гэтым месцы. Хоць на пытанне, што тут маюць збудаваць, жыхары гораду адказваюць адназначна.
ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:
"Ну, канечне, касцёл, тут жа раней быў касцёл. Канечне, тут нават без пытанняў".
"Тое, што тут трэба штосьці пабудаваць, гэта дакладна, бо летам тут збіраецца моладзь, і летам тут вельмі шумна. А касцёл якраз і хораша будзе".
Гісторыкі мяркуюць, што на аднаўленне касцёлу спатрэбілася б каля пяці з паловаю мільярдаў рублёў. Больш як у дзесяць разоў каштуе ўзвядзенне чарговага лядовага палацу на Магілёўшчыне – у Горках. Таму калі б дзяржава адмовілася хоць ад аднаго такога аб’екту, то…
АЛЯКСАНДР АГЕЕЎ, ГІСТОРЫК:
"…мы ў кожнай вобласці можам аднавіць тыя знакавыя помнікі. І гэта нават адзін мы проста бярэм Палац спорту лядовы і ў Горадні Фару Вітаўта адновім... і ў Віцебску, і ў Гомелі, і ў нейкіх іншых…"
Але на мапе Беларусі ўсё часцей паўстаюць сучасныя палацы. Аднак магілёўскія актывісты надзеі не трацяць. А само захаванне гістарычнага месца яны лічаць сваёю першаю перамогаю.
Ганна Майсюк "Аб'ектыў"
АДЗІНАЕ «ЗОЛАТА» КРАЎЧАНКІ
Беларускі шматборац Андрэй Краўчанка стаў уладальнікам залатой узнагароды чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы ў залах, які завершыўся ў Парыжы. Беларусь на гэтым турніры рэпрэзентавалі 19 спартоўцаў, але акрамя Краўчанкі на п’едэстал узняцца ніхто не здолеў. У фінальныя ж спаборніцтвы трапілі 7 нашых атлетаў. Усяго на чэмпіянаце Еўропы пазмагаліся за 26 камплектаў узнагародаў, а у медальным заліку першынствавАла Расея, у яе скарбонцы 15 медалёў рознага гатунку.
МЕДАЛЬНЫ ВЫСТУП БЕЛАРУСАЎ
9 медалёў усіх колераў – такі вынік выступу беларускіх спартоўцаў на 41-м міжнародным турніры серыі Гран-пры па вольнай барацьбе, на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя.
У мужчынаў на найвышэйшую прыступку п’едэсталу ўзняліся Уладзіслаў Андрэеў, Алі Шабанаў, Амаргаджы Магамедаў і Аляксей Шамараў. У медальным заліку мужчынская каманда Беларусі заняла 1-е месца. Што тычыцца жанчын, то на рахунку нашых спартовак Заліны Седаковай і Васілісы Марзалюк два “срэбра”. Усяго ў традыцыйных спаборніцтвах узялі ўдзел каля 300 барцоў з 18-ці краінаў свету. Для беларускай каманды турнір на прызы Аляксандра Мядзведзя стаў чарговым этапам адбору да чэмпіянату Еўропы–2011, які стартуе 29 сакавіка ў нямецкім Дортмундзе.
БЕЗ ЛІТАСЦІ ДЛЯ БАЛГАРАЎ
Каманда Беларусі ў хатнім двубоі другой групы Еўрапейска-афрыканскай зоны Кубка Дэйвіса нанесла паразу зборнай Балгарыі 4:1. Пасля другога дня спаборніцтваў мы вялі ў ліку 2:1, і капітан нашай каманды Аляксандр Швец не хаваў задавальнЕння ад дзеянняў сваіх гульцоў.
АЛЯКСАНДР ШВЕЦ, КАПІТАН БЕЛАРУСКАЙ ЗБОРНАЙ:
“Я задаволены сваімі выхаванцамі. Усё тое, што я казаў, яны выканалі на выдатна. Уладзімір і Максім выгулялі ў трох сэтах, што не можа не радаваць”.
Больш за паўтара года нашыя не перамагалі ў матчах Кубка Дэйвіса. Пасля таго, як нанеслі паразу македонцам ў ліпені 2009-га года, – як адрэзала. Зараз пасля вікторыі над балгарамі на крытых кортах сталічнага Палацу тэнісу ёсць шанец вярнуцца ў першую групу Еўрапейска-афрыканскай зоны. Адзначым, што зборная Балгарыі не паказала асаблівых сюрпрызаў, хоць куды менш рэйтынгавыя госці і змагаліся з поўнаю самааддачай. Адзіны пункт у гэтым матчы балгарам прынёс Дымітар Кутроўскі, які быў лепшы за нашага Сяргея Бетава. Датэрміновую перамогу нашым забяспечыў Уладзімір Ігнацік, калі за 2 гадзіны і 20 хвілінаў накаўтаваў усё таго ж Кутроўскага. 8 чэрвеня ў другім раўндзе другой групы Еўрапейска-афрыканскай зоны Кубка Дэйвіса беларусы сустрэнуцца з камандаю Вугоршчыны.
УДЗЕЛЬНІКІ ПАЎФІНАЛЬНАЙ СТАДЫІ
Сталі вядомыя ўсе ўдзельнікі паўфінальнай стадыі гульняў на Кубак Беларусі па футболе. “Белшына” дома саступіла “Менску” 0:1, тым не менш у гасцях адсвяткавала вікторыю 2:0 і прабілася ў 1/2 фіналу. Галоўны настаўнік бабруйскіх спартоўцаў Аляксандр Сяднёў вынікам застаўся задаволены
АЛЯКСАНДР СЯДНЁЎ, ГАЛ. ТРЭНЕР «БЕЛШЫНЫ»:
«Задаволены перамогаю над моцным супернікам. Лічу, што гэта супрацьстаянне было вельмі цікавае. Прапушчаны мяч адбіўся на стратэгіі гульні, тым не менш удача была на нашым баку”.
Пасля перамогі ў гасцях падавалася, што ўсё ў руках гараджанаў. Тым не менш “Белшына” не думала здавацца. На полі футбольнага манежу выдатнай гульні ў выкананні “Менску” гледачы не заўважылі. У браму гаспадароў уляцела два безадказныя мячы – іх аўтарамі сталі Фрунзэ і Дзенісевіч. А напрыканцы сустрэчы “Менск” дагульваў у меншасці, чырвоную картку атрымаў котдывуарац Саро. Чвэрцьфінальную стадыю таксама прайшлі: “Гомель”, які быў мацнейшы за “Партызана” 3:2, “Нёман” – гарадзенцы выгулялі ў “Нафтану” 2:0, і салігорскі “Шахцёр”, які пакінуў за бортам берасцейскіх дынамаўцаў. А сёння адбылося лёсаванне паўфіналаў Кубка краіны. Такім чынам, у 1/2 «Белшына» згуляе з «Нёмнам», а «Гомлю» будзе супрацьстаяць «Шахцёр». Першыя матчы пройдуць 13 сакавіка, сустрэчы ў адказ запланаваныя на 20-га.
ПОСПЕХ ГУСЬКОВАЙ
Беларускія лыжныя акрабаты заваявалі 2 медалі на двух этапах кубка Еўропы па фрыстайле, які прайшоў ва ўкраінскім Букавелі. Абедзве ўзнагароды на рахунку васямнаццацігадовай Ганны Гуськовай. У першы дзень яна ўзнялася на найвышэйшую прыступку п’едэсталу, а ў другі заняла трэцяе месца. Два заключныя этапы кубка Еўропы адбудуцца 13 і 14 сакавіка ў Расеі. Такім быў спорт у “Аб’ектыве”, да сустрэчы.
Дзмітрый Сухановіч, “Аб’ектыў”
















