Сваякі Каваленкі просяць дапамогі міжнароднай супольнасці
нядзеля, 22 студзеня 2012
“Стан здароўя Сяргея Каваленкі выклікае непакой. Усе даступныя захады, што рабіліся чальцамі сям’і ды віцебскаю дэмакратычнаю грамадскасцю дзеля вызвалення апазіцыйнага актывіста і вываду яго з галадоўкі, не далі выніку”, – цытуе тэкст адозвы праваабарончы сайт www.spring96.org.Адозва накіраваная ў дыпламатычныя і гуманітарныя ўстановы – АБСЕ, ААН, Сусветную арганізацыю аховы здароўя, а таксама ў акрэдытаваныя ў Беларусі пасольствы ЗША, Швецыі, Чэхіі, Расеі ды іншых краінаў. Інфармацыю аб пераследзе актывіста апазіцыі перадалі ў праваабарончую арганізацыю “Міжнародная амністыя”.
“Мы звяртаемся да ўрадаў і парламентаў дэмакратычных краінаў, да міжнародных праваабарончых і гуманітарных арганізацыяў, да ўсіх людзей добрай волі з заклікам выратаваць Сяргея Каваленку, захаваць яму жыццё і здароўе”, – гаворыцца ў адозве.
Актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка неаднаразова затрымліваўся міліцыяй за арганізацыю розных акцыяў. У траўні 2010 г. суд Кастрычніцкага раёну Віцебску асудзіў яго на 3 гады пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ялінцы Віцебску 7 студзеня. Гэты ўчынак ўлады кваліфікавалі як “наўмысныя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства”.
У канцы мінулага года супраць Каваленкі распачалі справу на падставе арт. 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі), яму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі. Падставаю для гэтага нібыта былі чатыры парушэнні, якія Каваленка ўчыніў, адбываючы пакаранне. 19 снежня апазіцыянер быў змешчаны ў віцебскі СІЗА, а 20-га – абвесціў галадоўку на знак пратэсту супраць свайго затрымання.
Без сродкаў да існавання засталася сям’я Каваленкі – жонка, якая не працуе, і двое малых дзяцей. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў абвесцілі збор сродкаў для дапамогі сям’і віцебскага апазіцыянера. Паводле стану на 19 студзеня было сабрана прыблізна 2 млн руб.
belsat.eu










Каментары RSS