Сёння - другі дзень суда над Каваленкам
серада, 22 лютага 2012
Пачатак другога паседжання суда над Сяргеем Каваленкам прызначаны на 14:00 пасля правядзення медычнага агляду падсуднага. Такое рашэнне прыняла 21 лютага суддзя Першамайскага раёну Віцебску Алена Жук.У першы дзень суд Першамайскага раёну Віцебску фактычна не змог пачаць разгляд матэрыялаў крымінальнай справы. Падсудны размаўляе па-беларуску, таму ў залу ў якасці перакладчыцы выклікалі настаўніцу беларускай мовы мясцовай школы. Аднак пасля прэтэнзіяў да яе з боку падсуднага і абароны яна заявіла самаадвод, і суд яго прыняў. Таксама ў суд выклікалі брыгаду хуткай меддапамогі, якая канстатавала, што з Каваленкам усё ў парадку.
Пасяджэнне суда пасля перапынку пачалося з патрабавання Каваленкі агучыць ягоныя правы на беларускай мове. Гэта зрабіў новы перакладчык, супрацоўнік кафедры філалогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту.
«Перакладчык у беларускім судзе, на беларускую мову? Заканадаўства гаворыць, што службовая асоба мусіць валодаць дзвюма мовамі. Адно з двух – або яны не валодаюць беларускаю моваю і не могуць займаць гэтыя пасады, або гэта адмысловая дэманстрацыя зневажальнага стаўлення да беларускай мовы», – гаворыць актывіст КХП – БНФ Юрый Беленькі.
Пасля таго як абвінавачваны заявіў хадайніцтва пра допуск да яго лекараў, зноў быў абвешчаны перапынак. Каля 15:00 прыбыла машына хуткай дапамогі – з тою ж брыгадаю, што прыязджала да абеду. Не давяраючы гэтым медыкам, родныя Каваленкі выклікалі яшчэ адну брыгаду хуткай дапамогі. Медыкі прыехалі, аднак іх спачатку не пускалі ў залу суда. Толькі пасля патрабаванняў грамадскасці і сваякоў новую брыгаду дапусцілі да падсуднага.
Затым з залы суда выйшлі абедзве брыгады хуткай меддапамогі, пад канвоем вывелі Каваленку. Ён паспеў крыкнуць: «Лекар сказаў, што трэба шпіталізаваць».
Куды менавіта павялі падсуднага, сваякам не паведамілі. На гарачай лініі абласнога ўпраўлення аховы здароўя ім паведамілі, што Каваленку павезлі ў шпіталь СІЗА, аднак потым высветлілася, што яго нікуды не адвезлі, а трымаюць у каравульным памяшканні будынку суда ў чаканні афіцыйнага заключэння медыкаў.
Каля 17:00 Каваленку вярнулі ў залу, і працэс аднавіўся. Суддзя зачытала даведкі, выдадзеныя дзвюма брыгадамі хуткай дапамогі, якіх сёння выклікалі ў суд. У адной з іх гаворыцца, што стан Каваленкі без змяненняў, аднак ёсць адхіленні ў аналізе крыві. Медыкі другой хуткай рэкамендавалі правесці больш дакладнае абследаванне. У выніку суддзя прыняла рашэнне правесці медычнае абследаванне Каваленкі, пасля чаго аднавіць працэс.
Актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ вінавацяць ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК): Каваленка нібыта ўчыніў чатыры парушэнні, адбываючы пакаранне паводле выраку суда Кастрычніцкага раёну Віцебску. У траўні 2010 г. гэты суд прыгаварыў апазіцыянера да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай елцы Віцебску 7 студзеня.
Сяргея Каваленку ўтрымліваюць у СІЗА з 19 снежня 2011 г., яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. На знак пратэсту супраць затрымання актывіст КХП – БНФ абвесціў галадоўку.
Падчас учорашняга паседжання Сярей Каваленка зняў з сябе швэдар і кашулю: ён заявіў, што ў выніку галадоўкі згубіў 25 кг. «Такія кадры мы бачылі толькі з хронікі пра Асвенцім. Мы бачылі чалавека, які так сама выглядае, але гэтага чалавека судзяць. Не ведаю, што рабілася ў галоўцы той суддзі, але, пабачыўшы такі кадр, любы звычайны, нармальны чалавек мусіў бы спыніць гэтае судзілішча», – заявіў Юрый Беленькі, што прысутнічаў у зале суда ў першы дзень працэсу.
belsat.eu










Каментары RSS