Уладзімір Някляеў. «Крэўнасць».
Творца, як і кожны чалавек, выбірае ў жыцці свой уласны шлях. Чарговае выданне цыклу прысвячаецца выдатнаму беларускаму паэту Уладзіміру Някляеву, у якога была і народная слава, і барацьба з палітычным рэжымам. Ягонае жыццё – яскравы ўзор эвалюцыі творчай асобы: ад паэта, запатрабаванага ўладамі, бо апяваў у вершах маладосць і шчасце ў духу калектывізму, – да выдатнага майстры з непаўторнаю лірычнаю індывідуальнасцю.
Уладзімiр Някляеў нарадзіўся на Гарадзеншчыне, дзяцінства правёў у Крэве – знакавым месцы беларускай гісторыі. Аўтар шэрагу кніг паэзіі і прозы, лаўрэат прэстыжных прэміяў. У розныя часы працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у менскім тэлевізійным атэлье. Добра знаёмы з журналістыкаю: працаваў у газеце «Знамя юности», рэдагаваў бюлетэнь «Тэатральны Мінск», быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, узначальваў часопіс «Крыніца» і штотыднёвік «Літаратура і мастацтва». У 1998–2001 гг. старшыняваў у Саюзе пісьменнікаў Беларусі.
Колькі гадоў правёў у вымушанай эміграцыі ў Польшчы і Фінляндыі, цяпер зноў жыве ў Менску.
|