|
|
|
ПЕРАМОГА АЛЯКСАНДРА РЫБАКА
Нарвежац беларускага паходжання – Аляксандр Рыбак – перамог у музычным конкурсе «Еўрабачанне»! І не проста перамог, але і пабіў ўсе рэкорды, набраўшы са сваёй песняй «Казка» 387 балаў. Гэта найбольшая колькасць балаў за ўсю гісторыю «Еўрабачання». За Аляксандра разам з ягонымі сваякамі ў Віцебску заўзелі і нашыя карэспандэнты.
Толькі што спадарыні Марыя і Наталля даведаліся, што іхні ўнук, Аляксандр Рыбак, перамог на конкурсе «Еўрабачанне».
МАРЫЯ САВІЦКАЯ, БАБУЛЯ АЛЯКСАНДРА РЫБАКА:
«Якія адчуванні? Ведаеце, нібыта ты падымаешся кудысьці ў аблокі і здаецца, што кудысьці ляціш! Мы чакалі, што ён пройдзе кудысьці наперад, уверх, але такі моцны быў конкурс, што мы не чакалі, што з такім адрывам! І мы разам з ім падымаліся ў аблокі! І цяпер такі добры настрой, так мы радыя за яго!»
Аляксандр Рыбак нарадзіўся 23 гады таму ў Менску. У Беларусі пражыў толькі 5 гадоў, потым разам з бацькамі пераехаў у Нарвегію. Аднак ў адным са сваіх інтэрв'ю спявак сказаў, што палову сваёй перамогі прысвячае Беларусі.
За ягоную песню «Казка» ў фінале «Еўрабачання» прагаласавалі 16 краінаў. Перамога Рыбака сталася святам і для нарвежцаў, і для беларусаў.
МАРЫЯ САВІЦКАЯ, БАБУЛЯ АЛЯКСАНДРА РЫБАКА:
«Дарагі наш Сашанька, мы цябе віншуем ад усёй душы! І мы такія шчаслівыя, што ты выйшаў наперад, мы так хваляваліся за цябе! Увесь Віцебск, уся Беларусь хвалявалася за цябе. І, думаю, Нарвегія таксама!»
Пасля кароткага адпачынку Аляксандр Рыбак збіраецца ў вялікае турнэ па еўрапейскіх краінах. Ён паабяцаў, што калі атрымае запрашэнне, то наведае і Беларусь. Бабулі Марыя і Наталля яго ўжо чакаюць.
|