ІВАНУ ШУЛЬГУ ЗАСТАЛОСЯ 5 ДЗЁН
Шосты дзень знаходзіцца за кратамі наш калега, незалежны журналіст Іван Шульга. Справа яго арышту і асуджэння сталася галоўнаю тэмаю сённяшняй прэсавай канферэнцыі ў Беларускай Асацыяцыі журналістаў. Сябры арганізацыі падводзілі вынікі дзеяння новага закону аб СМІ, які ўступіў у моц роўна год таму.
Сёння мінае роўна палова тэрміну зняволення, які прысудзілі Івану. Калегі ды проста неабыякавыя людзі працягваюць падтрымліваць журналіста.
МІХАСЬ ЯНЧУК, ПРАДСТАЎНІК “БЕЛСАТУ” Ў БЕЛАРУСІ:
“Я сёння быў на Акрэсціна, перадалі мы перадачку ад сваякоў. Я думаю, гэтымі днямі ў Івана Шульгі будзе вельмі шмат сваякоў”.
Справа Івана Шульгі сталася лейтматывам прэсавай канферэнцыі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Нашага калегу затрымалі ды асудзілі на 10 сутак за нібыта збіццё міліцыянта падчас спробы міліцыі зрабіць ператрус у кватэры прадстаўніка “Белсату” ў Беларусі.
АНДРЭЙ БАСТУНЕЦ, ЮРЫСТ, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ БЕЛАРУСКАЙ АСАЦЫЯЦЫІ ЖУРНАЛІСТАЎ:
“Гэта ёсць той прынцып, які дзейнічаў і раней: быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца”.
Галоўная выснова справаздачы БАЖ «Год з новым Законам аб СМІ»: улады па-ранейшаму імкнуцца захаваць татальны кантроль над інфармацыйнаю прастораю Беларусі. А дзяржаўныя медыі практыкуюць усё больш агрэсіўныя формы прапаганды.
ЖАННА ЛІТВІНА, СТАРШЫНЯ БЕЛАРУСКАЙ АСАЦЫЯЦЫІ ЖУРНАЛІСТАЎ:
«Калі ўлічыць, што мы зараз набліжаемся да важных для нашага грамадства выбарчых кампаніяў, то вось гэты ўхіл у бок прапаганды, ідэалогіі вельмі палохае, бо нашыя грамадзяне ў гэты перыяд чакаюць інфармацыі – нецэнзураванай, свабоднай інфармацыі».
Палохае і тое, што журналістаў, якія спрабуюць данесці да людзей свабодную інфармацыю, пачынаюць саджаць за краты. Івану Шульгу засталося прабыць на Акрэсціна 5 дзён. Гэта адрас, на які можна напісаць, каб падтрымаць Івана ў гэтыя цяжкія для яго хвіліны:
Спецпрымальнік-размеркавальнік
1-ы завулак Акрэсціна 36
г. Мінск 220089
Беларусь
ІВАНУ ШУЛЬГУ
Алег Барцэвіч, «Аб'ектыў»
|