СПОРТ-АГЛЯД
ЛЁСАВАННЕ «ЕЎРА-2012»
Цырымонія лёсавання адборачнага раунду чэмпіянату Еўропы адбылася ў Варшаве. Зборная Беларусі трапіла ў групу «Д», а яе супернікамі сталі Францыя, Румынія, Боснія і Герцагавіна, Албанія і Люксембург. 19 лютага пройдзе працоўнае паседжанне прадстаўнікоў зборных, на якім складуць каляндар матчаў. Нагадаю, што перад нашаю камандаю пастаўленая задача выйсці ў фінальную стадыю еўрапейскага першынства.
БГК ВЫЙШАЎ У ЛІДЭРЫ
У чэмпіянаце краіны па гандболе сярод мужчынскіх камандаў пачаліся матчы другога этапу. У стартавым двубоі першай шасцёркі, якая вядзе барацьбу за ўзнагароды, берасцейскі клуб імя Мяшкова перагуляў у гасцях менскі СКА 32:22.
У складзе пераможцаў больш за ўсіх вызначыўся расейскі легіянер Грыгорый Благанадзеждзін, які 9 разоў паразіў браму армейцаў. У пераможаных жа – 6 мячоў на рахунку Сяргея Ісачэнкі. Пасля гэтага поспеху ў БГК стала 20 балаў, і каманда выйшла на першае месца ў турнірнай табліцы. Наступны свой матч мяшкоўцы правядуць 14 лютага на сваёй пляцоўцы супраць сталічнага клуба «Вікторыя-Рэгія». Галоўны супернік берасцейскіх гандбалістаў у барацьбе за чэмпіёнства, менскае «Дынама», якое зараз мае 18 пунктаў пасля першай паловы першынства, пачне другі этап у сераду сустрэчаю са сталічным «Аркатронам». Тым часам еўрапейская федэрацыя гандболу абнародавала квоту краінаў на ўдзел у кантынентальных клубных турнірах. Беларусь, як у жаночых, так і ў мужчынскіх спаборніцтвах, атрымала 5 месцаў.
БУЙНАЯ ПЕРАМОГА «ДЫНАМА»
Сталічнае “Дынама” прарвала серыю з трох паразаў і ў апошнім хатнім матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі выгуляла на “Менск-арэне” ў чэхаўскага “Віцязя” 5:1.
АЛЯКСАНДР АНДРЫЕЎСКІ, ГАЛ. ТРЭНЕР ХК “ДЫНАМА” (МН):
“Калі я ўбачыў вочы сваіх хакеістаў сёння на сходзе, у мяне не было сумневу ў паспяховым выніку гэтай сустрэчы. Добра, што паказалі відовішчны хакей, закінулі шмат шайбаў і прынеслі радасць нашым заўзятарам”.
АЛЯКСАНДР ЯРУШКІН, ГАЛ. ТРЭНЕР ХК “ВІЦЯЗЬ”:
“Хачу павіншаваць дынамаўцаў з перамогай і з выдатнаю гульнёю. Каманда вельмі добра рухалася, і мы нічога не змаглі супрацьпаставіць суперніку”.
Не абышлося ў гэтым двубоі і без сутыкненняў. На 53-й хвіліне дынамаўскі абаронца Уладзімір Дзянісаў жорстка сустрэў каля сваёй брамы форварда гасцей Крыса Саймана – які адразу пачаў бойку, да якой далучыўся яшчэ адзін хакеіст “Віцязя” Джош Грэтан. У выніку ўдзельнікі інцыдэнту атрымалі 73 хвіліны штрафу на трох, а гледачы закідалі лёд рознымі прыстасаваннямі. Пасля матчу фанаты назвалі найлепшых гульцоў “Дынама” ў сезоне. Імі сталі Андрэй Мезін, Д’юві Ўэсткат і Джэф Плат. Да сакавіка ў чэмпіянаце КХЛ наступіў перапынак, звязаны з Алімпіядаю ў Ванкувэры. А пасля ўзнаўлення турніру сталічны клуб завершыць рэгулярны сезон выязнымі матчамі з “Барысам”, “Салаватам Юлаевым” і “Авангардам”.
23-І ТУР ЧЭМПІЯНАТУ ІТАЛІІ
У чэмпіянаце Італіі па футболе прайшлі матчы 23-га туру. Лідэр серыі «А» міланскі «Інтэр» з буйным лікам 3:0 на сваім полі нанёс паразу «Калляры».
Гаспадары адкрылі лік ужо на шостай хвіліне. Удар па браме Это'О быў адбіты абаронцам дакладна на Пандзева, які з дзесяці метраў не прамахнуўся. А ўжо на 20-ай хвіліне, пасля навесу з вуглавога Вальтэр Самуэль ударам галавой павялічыў перавагу «Інтэру». Кропку ў матчы пасля антракту паставіў Дыега Міліта. Сталічная «Рома», не паказаўшы нават і палавіны сваіх магчымасцяў, у гасцях адолела «Фіярэнтыну». Адзіны мяч забіў чарнагорскі легіянер каманды Мірка Вучыніч за 7 хвілінаў да канца асноўнага часу матчу. Пасля гэтай вікторыі рымлянам удалося абысці ў турнірнай табліцы «Мілан», які нечакана згуляў унічыю 0:0 з «Балонняй». А «Фіярэнтына» ў сваю чаргу не змагла прарваць сваю серыю без перамог, якая цяпер складае 4 матчы, і адкацілася на 11-е месца.
СРЭБРА САМСОНАВА
Беларус Уладзімір Самсонаў заняў другое месца на прэстыжным турніры па настольным тэнісе з удзелам тузіна найлепшых еўрапейскіх майстроў малой ракеткі. У Нямеччыне ў фінальнай сустрэчы Самсонаў саступіў гаспадару турніру Тыма Болю 2:4. У жаночых спаборніцтвах нашая суайчынніца Вікторыя Паўловіч не здолела выйсці ў чвэрцьфінал. Наступны турнір «Топ-12» адбудзецца налета ў бельгійскім Льежы.
Дзмітрый Сухановіч, «Аб’ектыў»
|