«Белы тэрор» (White terror), дак. фільм
З 1990-х гг. у Еўропе назіраецца трывожны рост папулярнасці крайне правых партыяў, што суправаджаецца павелічэннем шэрагаў неанацысцкіх груповак. Цягам колькіх гадоў Швецыя стала найбуйнейшым еўрапейскім вытворцам агітацыйных матэрыялаў на відэакасетах, а потым – і на DVD-кружэлках. Гэта тлумачыцца тым, што ў Швецыі самыя ліберальныя законы і добрыя тэхнічныя ўмовы для такой вытворчасці. Як сведчыць інтэрнэт, еўрапейскія неанацысты ўсталявалі шчыльныя сувязі з расістамі ЗША. І ў гэтых стасунках адмысловую ролю стала адыгрываць Расея, дзе ўлады скрозь пальцы глядзяць на выступы неанацыстаў, а грамадства ўпотай падзяляе іхныя перакананні.
У давяршэнне ўсяго крайне правыя еўрапейскія партыі сур’ёзна падтрымліваюць гэтыя групоўкі. Праз канцэрты гуртоў адпаведнага ідэалагічнага кірунку неанацысты прыцягваюць да сябе маладых людзей, якія лёгка паддаюцца апрацоўцы. І няпоўнагадовыя далучаюцца да праварадыкальных фармаванняў. На жаль, не толькі ў Еўропе, але і ў Злучаных Штатах большасць грамадства ігнаруе гэтую трывожную з’яву. І пагроза прыходу «ўнукаў» Гітлера да ўлады ўжо не выглядае такою прывіднаю...
|