«Электравік», дак. фільм
Стваральнікі фільму запрашаюць нас у падарожжа расейскім электравіком. Такім самым, якім мы ў Беларусі ездзім на лецішчы ці на працу. Бо той электравік і яго пасажыры – родам з Савецкага Саюзу. Напэўна ж, беларусы ўжо больш еўрапеізаваныя, больш сучасныя, больш стыльныя, чымся выпадковыя героі з гэтага расейскага цягніка. Тым не менш, яны пазнавальныя і яшчэ не вельмі далёкія. Замежнікі адзначаюць характэрную рысу постсацыялістычных грамадстваў: людзі не ўмеюць усміхацца, радавацца, быць шчаслівымі. Савецкі час, жыццё ў несвабодным грамадстве адвучылі людзей адчуваць радасць. Адсутнасць пазітыўных пачуццяў перадаецца пераважна ў чорна-шэрых колерах вопраткі персанажаў фільму.
Мацей Цуске, ствараючы сацыялягічны фільм, выразна далучаецца да расейскай літаратурнай традыцыі – аналізаваць псіхалогію грамадства праз падарожжа. Як Радзішчаў у сваім «Падарожжы з Пецярбургу ў Маскву» або Венечка Ерафееў у больш у часава бліжэйшай нам «паэме» «Масква–Петушкі», рэжысёр прыходзіць да несуцяшальнай ацэнкі стану расейскага грамадства.
рэж. Мацей Цуске (Maciej Cuske), 2005 г., Польшча–Расея |